На прасторах Радзімы

Аршанская гарадская мастацкая галерэя В.А.Грамыкі запрашае на персанальную выставу жывапісу горацкага мастака Мікалая Мацвеевіча Рыжова «На прасторах Радзімы».

Мікалай Рыжоў нарадзіўся і вырас у Расіі, там жа атрымаў мастацкую адукацыю (у Саратаўскім мастацкім вучылішчы). У Беларусь пераехаў, быўшы ўжо сталым чалавекам. Прырода нашай краіны стала для яго невычэрпнай крыніцай натхнення.

Мікалай Мацвеевіч з'яўляецца членам народнага аматарскага аб'яднання «Мастацтва». Пейзаж – любімы жанр горацкага майстра. Сюжэты яго работ простыя і нескладаныя: квітнеючы луг, самотнае дрэўца, ніва, якая каласіцца, стог сена, дарога ў поле. Яны нагадваюць віды, якія адкрываюцца з вокнаў цягніка. Не выпадкова выстава называецца «На прасторах Радзімы». Аднак вонкава немудрагелістыя, гэтыя выявы валодаюць магутнай жыццесцвярджальнай энергіяй, настройваюць на добры лад.

Мастак паэцізуе беларускую прыроду. Яго пейзажы выкананы ў цёплых, далікатных танах. Ён тонка выпісвае кожную дэталь. Ва ўсіх карцінах адчуваецца трапяткое стаўленне аўтара да таго, што ён адлюстроўвае. Дзякуючы гэтаму звыклыя для нас ландшафты паўстаюць на палотнах майстра, нібы ў новым абліччы, больш маляўнічым, каларытным.

Карціны жывапісца не толькі пастаянна экспануюцца, але і набываюцца ў прыватныя калекцыі, знаходзяцца ў музеях Беларусі, Расіі, Польшчы, Латвіі, Германіі, Італіі, Францыі, Аўстраліі і іншых краін.

На выставе, прадстаўлена 65 твораў – палотны з выявай усіх пор года, асноўны жанр – пейзаж. Гэтыя пастаральныя сюжэты і пейзажы навяваюць думкі пра дом, родныя мясціны, ствараюць вельмі прыемны настальгічны настрой.

497