Гадзінніку Караткевіча – другое жыццё

Усім, хто цікавіцца спадчынай вядомага беларускага пісьменніка, аршанца Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча будзе цікава ведаць пра тое, што да яе цяпер маюць дачыненне інжынеры – электроншчыкі аршанскага прадпрыемства.
У экспазіцыі Аршанскага музея У.С.Караткевіча, на яго рабочым стале, шмат гадоў знаходзіцца электрычны гадзіннік пісьменніка. Зіхатлівае зялёнае святло яго лічбаў нібы збліжае наведвальнікаў з асобай пісьменніка, ствараючы асаблівае ўтульнае асяроддзе. Але аднойчы гадзіннік спыніў адлік часу, а ўсе спробы адрамантаваць рарытэтную рэч былі безвыніковымі.
На дапамогу прыйшлі інжынеры – электроншчыкі ААТ Аршанскі станказавод “Чырвоны барацьбіт” – Міхаіл Макаў і Дзяніс Ветраны, якім даручыў адказнае заданне намеснік дырэктара па ідэялагічнай рабоце, кадрах і быту Сяргей Мурза.
Сёння гадзіннік Караткевіча зноў спраўна адлічвае час мігаткім святлом. Другое жыццё рарытэту надалі таленавітыя рукі землякоў Караткевіча. Такім чынам яны зрабілі свой уклад да 85–гадовага юбілею пісьменніка.

590