"У тым краі, дзе мы с табой жывем..."

Не кожны ведае, што наш знакаміты зямляк, пісьменнік Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч пісаў творы для дзяцей. Гэта цудоўныя казкі, якія ў маленстве пачуў ад свайго дзядулі Васіля Валодзя Караткевіч. Хлопчык не толькі праз усё жыццё пранёс любоў да краіны казак, але і сам напісаў некалькі дзесяткаў казачных гісторый, якія выдадзены асобнымі кніжкамі. Па некаторых з іх пастаўлены тэатралізаваныя спектаклі, зняты цікавыя мультфільмы.
У музеі У.С. Караткевіча для маленькіх аршанцаў арганізаваны дзве экскурсіі па казках вядомага беларускага пісьменніка: "Ад зямлі і ад людзей" і "У тым краі, дзе мы с табой жывем..." Адна з апошніх экскурсійных груп пабывала тут 5 лістапада бягучага года. Група першакласнікаў СШ № 12 разам са сваёй настаўніцай Святланай Мікалаеўнай Груца наведала музей, дзе рабяткі з цікавасцю паслухалі гісторыю пра дзяцінства будучага пісьменніка, яго першыя крокі ў вялікую літаратуру, а самае галоўнае – даведаліся пра казачную краіну, якую стварыў Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч для многіх пакаленняў маленькіх чытачоў.
"Казка – ад нашай зямлі і яе людзей. Яна – чароўны сон і яна думка чалавека", – напісаў Уладзімір Караткевіч пры стварэнні сваіх гісторый для дзетак. З гэтым выказваннем нельга не пагадзіцца, бо захапленне, цікаўнасць і дапытлівасць юных аршанцаў пад час экскурсіі – яскравае таму падцверджанне.

604