"Я сумую па Радзіме"

Наш зямляк Уладзімір Караткевіч быў вельмі таленавітым паэтам. Многія яго вершы настолькі спеўныя, што самі просяцца на музыку. Да паэтычнай спадчыны Караткевіча звярталіся многія кампазітары і выканаўцы: Э. Зарыцкі, Г. Кароткіна, Г. Кавалёва, А. Камоцкі, З. Вайцюшкевіч, Вайханскія, многія музычныя гурты і маладыя творцы.

Велічна, узнёсла і пяшчотна гучаць на словы пісьменніка песні аб радзіме: “Бацькаўшчына”, “Мокрыя травы”, а “Беларуская песня” - сапраўдны гімн нашай зямлі. Песні не магчыма слухаць без душэўнага ўздыму. Лірычныя і патрыятычныя пачуцці паэта зліты ў іх у адно непадзельнае цэлае.

Асаблівую цікавасць выклікае верш У.С. Караткевіча “Мокрыя травы”. У сваёй творчасці да яго звярталіся многія беларускія кампазітары. Вельмі цёплай і прыгожай атрымалася песня на гэты твор у Галіны і Барыса Вайханскіх. Перад намі, як светлыя дзіцячыя ўспаміны, паўстаюць простыя вобразы роднай зямлі, на душы становіцца хораша і цёпла. Веліччу і смуткам напоўнена песня на гэты ж верш у вядомага кампазітара Э. Зарыцкага. У кожнага атрымоўваўся новы твор, са сваім гучаннем і са сваімі акцэнтамі.

Даўно захапляецца творчасцю нашага земляка і вядомы беларускі кампазітар Ганна Кароткіна. У сваім творчым жыцці яна шмат што паспела. Ганна Іванаўна член Саюза кампазітараў, асацыяцыі сучаснай музыкі, лаўрэат прэміі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры ў намінацыі “Музычнае мастацтва”. Раней Ганнай Кароткінай быў напісаны твор “Легенда пра караля Стаха” паводле аповесці Караткевіча. Ён з’яўляўся абавязковым творам на Міжнародным конкурсе піяністаў “Мінск-2000”. Таксама, ёй напісана песня на адзін са славутых вершаў нашага пісьменніка - “Бацькаўшчына”.

Не так даўно кампазітар напісала музыку на верш У.С. Караткевіча “Мокрыя травы”. Песня атрымала назву “Я сумую па радзіме…” па першаму радку паэтычнага твора. І настрой песні адпавядае назве. У ёй – захапленне ціхай красой роднай зямлі, і смутак ад растання з ёй, і гонар, і веліч, і замілаванне.

Выканаўца песні – Сяргей Кілеса – дыктар, вакаліст. Ён займаецца агучваннем аўдыёкніг, дакументальных фільмаў. Працуе артыстам акадэмічнага ансамбля песні і танца ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь. Сяргею Кілеса ўдалося адчуць настрой песні, тыя пачуцці, якія перажываў герой твора, знаходзячыся далёка ад роднага дому. Прыемны мужчынскі голас класічнага тэмбра – бас-барытон – гучыць спакойна і ўзнёсла. Яго туга светлая і велічная. Бо няма для чалавека нічога даражэй за радзіму, і ўсё што з ёй звязана, заўсёды жыве ў яго сэрцы. Прэм’ера песні адбылася ў Беларускай акадэміі музыкі. Партыю фартэпіяна выканаў Іван Юркевіч. Дыск з запісам прэм’еры песні быў падараваны Ганнай Кароткінай Аршанскаму музею У.С. Караткевіча.

Спадчына нашага земляка – невычэрпная крыніца. Многія творцы звяртаюцца і будуць звяртацца да яе, ствараць новыя песні і карціны, ставіць спектаклі і здымаць фільмы. Песню “Я сумую па Радзіме” можна паслухаць: http://vk.com/id180612896.

876