Асноўная мэта экспазіцыі галерэі – паказ багатай мастацкай спадчыны Аршаншчыны, асэнсаванне традыцый і заканамернасцей развіцця мастацкай культуры рэгіёна і Беларусі, майстэрства і таленту беларускіх мастакоў, які будзе спрыяць духоўнаму ўзбагачэнню грамадзян, iх далучэнню да нацыянальных і агульначалавечых каштоўнасцей.
У Аршанскай гарадской мастацкай галерэі В.А. Грамыкі працуе Зала Віктара Грамыкі, пастаянная экспазіцыя, прысвечаная гісторыі будынка і дзейнасці ордэна езуітаў у Оршы, пастаянная экспазіцыя, прысвечаная мастацкай культуры Аршаншчыны, а таксама сістэматычна арганізуюцца зменныя мастацкія выставы. У Гасцёўні мастацкай галерэі рэгулярна праводзяцца культурна-адукацыйныя музейныя мерапрыемствы, а таксама агульнагарадскія і рэгіянальныя ўрачыстасці.
Сучасны будынак былога калегіума езуітаў стаў не толькі візітнай карткай, але і галоўным культурным цэнтрам грамадскага жыцця горада Оршы. Культурна-забаўляльныя праекты, зменныя выставы і пастаянная экспазіцыя мастацкай галерэі, адукацыйныя мерапрыемствы дзіцячай бібліятэкі, творчая дзейнасць гарадскога дома рамёстваў дазваляюць арганізаваць вольны час насельніцтва і гасцей горада, а таксама спрыяюць культурнаму ўзбагачэнню грамадзян, iх далучэнню да нацыянальных і агульначалавечых каштоўнасцей. Паказчыкам прывабнасці адміністрацыйна- выставачнага цэнтра для гараджан з'яўляецца пастаянны паток наведвальнікаў, а таксама той факт, што маладыя горада ў дзень нараджэння новай сям'і з радасцю наведваюць цэнтр, імкнуцца захаваць сябе ў адзін з галоўных дзён у жыцці ў інтэр'ерах старажытнага будынка.