Дарагія падарункі

Не так даўно, улетку, у Аршанскі музей У.С. Караткевіча завітаў вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў. Гэты чалавек ніколі не абмінае музей, калі прыязджае на Аршаншчыну. А яе наведванне заўсёды выклікае ў аўтара асаблівы водгук у душы: “Для мяне Орша гэта не толькі радзіма Уладзіміра Караткевіча, гэта мясціны, якія пахнуць дзяцінствам”. У вёску Капысіца будучы пісьменнік малым прыязджаў у госці да бабулі.

У музей У.С. Караткевіча пісьменнік ніколі не прыходзіць з пустымі рукамі: у дар ад яго музей атрымлівае то кнігі, то аўдыёдыскі, то копіі рукапісаў нашага земляка, і, канечне, новыя кнігі самаго Арлова.

На гэты раз госць завітаў з вельмі каштоўнымі падарункамі: машынапіс рамана У.С. Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім” з заўвагамі рэдактара і аўтарскімі праўкамі, машынапіс перакладу на рускую мовы навэлы “Ладья Отчаяния”, таксама з аўтарскімі праўкамі, малюнкі да некаторых кніг У.С. Караткевіча.

Усё гэта Уладзіміру Арлову перадаў народны мастак Беларусі Арлен Міхайлавіч Кашкурэвіч. Ён быў сябрам У.С. Караткевіча, ілюстраваў яго раман “Каласы пад сярпом тваім”, кнігу “Чазенія”. Па словах Арлена Міхайлавіча, усе гэтыя каштоўнасці яму перадаў сам У.С. Караткевіч. Мастак доўгія гады захоўваў іх як дарагія рэліквіі, затым перадаў У.А. Арлову. І вось ва ўрачыстай абстаноўцы, калі сабраліся музейшчыкі, паэты, выкладчыкі, аматары літаратурнай творчасці, яны былі перададзены ў музей У.С. Караткевіча.

“Каласы пад сярпом тваім” – раман, які займае цэнтральнае месца ў творчасці У.С. Караткевіча. Яго машынапіс змясціўся ў дзвюх вялікіх тоўстых папках (кнігі 1 і 2). Пажаўцелая друкарская папера. Выпраўленні, падкрэсліванні, пытальнікі… Складана ўявіць аб’ём працы, якую умясцілі ў сабе гэтыя аркушы. Праца машынапісца, рэдактара, аўтара. Заўвагі, выпраўленні, нязгода і, нават, спрэчкі. Адным словам, твочы працэс, сур’ёзная і карпатлівая праца над творам. Гэта можна прасачыць, перакладваючы аркушы. На палях сінім алоўкам зроблены заўвагі рэдактара: замяніць слова, паправіць сказ, нараканні на тое, што многа лішняга. Многае Караткевіч прымаў, але з многім і не згаджаўся, тады заўвагі перакрэсліваў чорным чарнілам. А часам на палях аркушоў паміж рэдактарам і аўтарам узнікала сапраўдная спрэчка. Напрыклад, рэдактар піша: “От нідзе не відно было, каб князь Юры быў такі “дасціпны”. Побач адказ Караткевіча: “Гэта як хто разумее гумар”. А на гэту заўвагу: “Які доўгі раздзел, і шэры, і сумны, бо ўжо бадай што з паўторамі тэмы. І нічога ён не сказаў і гэты раздзел” аўтар адказаў, нават, рэзка: “Гэта вам здаецца, па дурасці”. Раман выйшаў асобнай кнігай у 1968 годзе.

Першая публікацыя навэлы У.С. Караткевіча “Ладдзя Роспачы” была на рускай мове. Пераклад з беларускай рабіў Васіль Сёмуха, затым узгадняў яго з аўтарам. Праўкі нязначныя, відна, перакладчык ухапіў дух твора. Толькі дзе-нідзе ўдакладненні. Напрыклад, такіх як Выліваху, галоўнага героя твора, ляхі называлі – “завалидрога”, Караткевіч жа дабавіў яшчэ: “…а мы, люди рода кривического – “адарвирог”, потому как некогда, говаривают, такие у самого Люцифера рог силой отодрали и сделали из него чару для питья”. Навэла выйшла ў часопісе “Нёман” № 2 у 1968 годзе. Дарэчы, на беларускай мове яна ўбачыла свет толькі ў 1978 годзе.

Акрамя машынапісаў кніг Арлен Міхайлавіч Кашкурэвіч перадаў у музей свае арыгіналы і эскізы малюнкаў да першага выдання “Каласоў..” і кнігі “Чазенія” (1970 г.) з аповесцю і апавяданнямі У.С. Караткевіча. Тонкія, рамантычныя вобразы “Чазеніі”, створаныя мастаком, дапамагаюць глыбей адчуць настрой і перажыванні герояў, акунуцца ў суровую, поўную таямніц, атмасферу Усурыйскай тайгі. А ўдалы малюнак на пачатку апавядання, як удалы запеў: стварае вобраз, настрой, дапамагае асэнсаваць твор. Роля мастака-афарміцеля кнігі вялікая, тым больш, калі пісьменнік і мастак сугучны. Такое сугучча склалася паміж У.С. Караткевічам і А.М. Кашкурэвічам. Вобразы “Каласоў пад сярпом тваім” не менш прыцягальныя: мудры і разважлівы Загорскі Вежа, чысты і парывісты юнак Алесь Загорскі, хуткае і рэзвае белае жарабяці, сімвалічны вобраз у рамане, і іншыя. Усе гэтыя малюнкі расказваюць аб працы мастака, яго бачанні падзей і галоўных герояў твора.

І яшчэ адзін падарунак прывёз у музей У.А. Арлоў. Гэта копія пісьма У.С. Караткевіча Васілю Быкаву. Яе перадала Ірына Міхайлаўна Быкава. Пісьмо напісана ў Оршы ў кастрычніку 1983 года. Тады наш зямляк жыў паўгода пасля смерці жонкі Валянціны ў сям’і пляменніцы Раі. Гэта быў складаны час. Пісьменнік прызнаецца, што “за ўсе гэтыя месяцы не тое, што ані радка не напісаў, але не напісаў нават ніводнага ліста сябрам”. Наракаў Караткевіч і на тое, што Быкавы не надумалі самі прыехаць улетку: “Паставілі б палатку ў садзе. Трускалкі (а пасля вішні, слівы і г.д.) ад пуза. На брызент яблыкі падаюць і скочваюцца, шарахцяць. Дняпро пад бокам, нейкія сто пяцьдзесят метраў…”. Як заўсёды, у лісце шмат добрага гумару і цеплыні.

Цяпер усе гэтыя ўнікальныя рэчы будуць захоўвацца ў фондах Установы культуры “Музейны комплекс гісторыі і культуры Аршаншчыны”, і ў хуткім часе іх можна будзе ўбачыць у экспазіцыі Аршанскага музея У.С. Караткевіча. Супрацоўнікі ўстановы вельмі ўдзячныя Уладзіміру Аляксеевічу Арлову і Арлену Міхайлавічу Кашкурэвічу за дарагія падарункі. Ды і Орша, таксама, за захаванне памяці аб сваім слаўным сыне.

722