З болем у сэрцы, з святлом памяці


25 ліпеня 2014 года адбыўся Дзень памяці У.С. Караткевіча. Трыццаць гадоў таму не стала нашага земляка, пісьменніка, паэта, сцэнарыста, увогуле, чалавека з вялікай літары У.С. Караткевіча.
На той час яму было ўсяго толькі 54 гады. Што гэта?.. Выпадак, ці капрызны прысуд няўмольнага лёсу аддзялілі яго ад жывых. Як шмат мы тады страцілі! Ад нас пайшоў не проста чалавек, пайшла цэлая эпоха.
Шырока вядома яго бязмежная любасць да літаратуры, мастацтва, нацыянальнай даўніны. Менавіта У. Караткевіч быў пачынальнікам гістарычнай прозы, ён стаў аўтарам першых у беларускай літаратуры гістарычных дэтэктываў, паказаў новы для беларускіх твораў вобраз – інтэлігентнага думаючага чалавека.
Творы нашага земляка з захапленнем чытаюць розныя людзі, рознага ўзросту і густу. Большасць кніг Караткевіча знойдзе свой самы ўдзячны водгук у маладых сэрцах. І па гэтых кнігах яны будуць вучыцца любіць сваю мову, сваю Радзіму, усе сапраўднае і шчырае, што ёсць у чалавечым жыцці.
25 ліпеня супрацоўнікі Аршанскага музея У.С. Караткевіча па традыцыі арганізавалі ўрачыстае ўскладанне кветак каля помніка У.С. Караткевічу ў аршанскім дзіцячым парку, каб аддаць даніну павагі Сыну зямлі беларускай. Прысутныя - прадстаўнікі раённай улады, супрацоўнікі Цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы горада Оршы, музейшчыкі горада і тыя, каму дарагі вобраз земляка,- адзначылі светлую памяць па ім хвілінай маўчання.

143